Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І заўсёды, што дазволіце загадаць, зраблю на першы сорт і вам і маладым панічом. Вось толькі летам аніяк не магу, бо ў мора пасылаюць… Летам сама носяцца боцікі ў маладых панічкоў, — падкрэсьліў Ісайка: — а Ісайкі няма… Каб я быў пры беразе, ваша правасхадзіцельства, тады і калі адносна пачынкі, і новыя боцікі. Толькі дазвольце патрабаваць.

— Што-ж, я скажу мужу, — прамовіла адміральша.

— Вельмі буду ўдзячны, ваша правасхадзіцельства! Шчасьліва заставацца, ваша правасхадзіцельства! — адказаў узрадаваны Ісайка і, павярнуўшыся, як трэба па форме, налева кругом, выйшаў.

Аднак Ісайка пры беразе не застаўся і ў тое-ж лета быў адпраўлены ў плаваньне. Адміральша забыла пра сваё абяцаньне і хутка пасьля размовы з Ісайкам пераехала з мужам у Пецярбург, і Ісайку прасіць было некага.

Але затое, з ад’ездам адміральшы, ужо ня было ні з якога боку спробаў выратаваць Ісайкаву душу, і ён, цьвёрды ў сваёй веры, сьвята выконваў прадпісаныя яго рэлігіяй звычаі, па меры магчымасьці. Надзвычайна рэлігійны, Ісайка кожную пятніцу вечарам, ці на беразе, ці ў плаваньні, забіраўся куды-небудзь у ціхі куток і, накінуўшы на сябе маліцьвены плашч, доўга і горача маліўся, воючы ціхім і гуснявым голасам свае аднастайныя і манатонныя кантаты. Бледны, худы Ісайкаў твар,