Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жаньне, і яна, з прычыны цяжкага становішча Ісайкі, не дамагалася больш ратаваньня яго душы і нават пахваліла Ісайку за яго замілаваньне і пашану да бацькоў.

— Хлопчыкам пакуль што ня трэба ботаў, Ісайка. У іх яшчэ добрыя.

Значна заспакоены і нават павесялелы, Ісайка сэнтэнцыёзна заўважыў, што «ўсякі чалавек павінен паважаць бацькоў» і дадаў:

— Дык на чаравічкі пражкі загадаеце паставіць, ваша правасхадзіцельства?

— Ці ня лепш банты, Ісайка?

— Як загадаеце, ваша правасхадзіцельства, але толькі, асьмелюся далажыць, пражкі будуць трывалей за банцікі… Канечна, можна і банцікі, але апошні фасон — пражкі, і ў адміральшы Гвазьдзёвай на чаравічках пражкі.

— Дык пастаў і мне пражкі.

— Слухаю, ваша правасхадзіцельства.

Ісайка цяпер не сьпяшаўся выходзіць, упэўнены, што ранейшай размовы больш ня будзе. Заўважыўшы добры настрой адміральшы, у яго ўзьнікла сьмелая думка, ў сваю чаргу, пакарыстацца адміральшай, каб пазбавіцца, пры яе дапамозе, ад плаваньняў і абсталявацца пры беразе, не рызыкуючы ўласнай душою.

І, асьцярожна пераступіўшы з нагі на нагу, ён сказаў:

— А я ўжо, ваша правасхадзіцельства, паклапачуся, каб чаравічкі былі ня горш за загранічныя.