Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рэпутацыя Ісайкі даўно зацьвердзілася на экіпажы, у якім ён служыў з дня паступленьня ў матросы, і ніводная пляма не зацямняла гэтай заслужанай добрай славы.

Праўда, некаторыя з матросаў знаходзілі, што хоць Ісайка і добры чалавек, але ўсё-ткі «жыд», і як-ні-як, а да вядомай ступені вінаваты ў тым, што Юда прадаў Хрыста за трыццаць срэбных і што продкі Ісайкавы, хоць і далёкія, укрыжавалі Хрыста. Аднак асабовыя якасьці Ісайкі, няздольнага пакрыўдзіць нават мухі, а ня тое, што прадаць ці ўкрыжаваць каго-небудзь, у значнай меры зьмякчалі вінаватасьць яго за ўкрыжаванага Хрыста нават у вачох некалькіх шалёных юдафобаў, сярод якіх асабліва вызначаўся катэгорычнасьцю поглядаў рыжы і тоўсты пісар з кантоністых, Аўдзееў, які апавядаў пра яўрэяў самыя немагчымыя рэчы. Але і ён, нарэшце, прышоў да згоды, што Ісайка зусім не падобны на «паганага жыда» і не адважыцца на «іхныя» ганебныя ўчынкі. Пераканала яго галоўным чынам тое, што Ісайка ня скнары на грошы. Апошняя акалічнасьць была добра вядома Аўдзееву, які гады тры не аддаваў пазычаных ім у Ісайкі трох рублёў, карыстаючыся яго далікатнасьцю.

І пісар часамі шкадаваў, што Ісайка не перахрысьціцца.

— Тады быў-бы сапраўдным чалавекам, — дадаваў ён.

Гаварылі аб гэтым ісайку і другія асобы.