Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ладу, і прыціскаўся да дзеда. Вялікія цёмныя вочы дзіцяці яшчэ больш пацямнелі і змрочна мігцелі на зьбялелым тварыку.

І дзіўна: блізка прыціснуты да яго хлопчык і блізкасьць небясьпекі ўлілі новыя сілы ў душу старога яўрэя. Ён палажыў руку на галаву дзіцяці, глыбока і цяжка ўздыхнуў, і на яго белым, як палатно, твары вочы ўжо гарэлі і жыцьцём і палкасьцю.

— Шшш, — супакойваючы, прашаптаў ён.

Толькі цяпер ён стаў супакойваць хлопчыка, які ад страху ўжо даўно перастаў плакаць. Цяпер толькі ўсьвядоміў ён, што хлопчык раней плакаў.

У гэты момант у доўгія вузкія сенцы пасьпешна ўбеглі жанчыны: жонка канатчыка з дзіцём на руках, дворнічыха і крамнічыха.

— Уцякайце, Мэндэль! — з парогу ўжо крыкнула дворнічыха. — Хутчэй уцякайце, пакуль яны не дабраліся сюды. Я зараз пастаўлю ў вас на вакне абраз ці крыж. Усюды паставілі ўжо, і туды ня йдуць…

Яна схапіла хлопчыка за руку:

— Бяжы, Кубусь, схавайся за фіранкаю.

Жанчыны абступілі дзеда і ўнука, засланяючы іх сабою, пхаючы да ложка. Яны так даўно ведалі яўрэя, які быў такі добры, гасьцінны чалавек. За жанчынамі сьледам у пакой сталі набірацца і іншыя жыхары гэтага дому. Пакой перапоўніўся людзьмі.