Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Стары Мэндэль паклаў адну руку на плячо хлопчыку, а другою адсунуў жанчын. Ён ужо зусім аўладаў сабою.

— Пакіньце Кубуся, — сказаў ён цьвёрда, і голас яго гучэў, як звон. — Пакіньце! Вялікае вам дзякуй за тое, што вы хацелі прыкрыць мяне сваімі сьвятынямі, што хацелі выратаваць мяне, але я ў сябе на акне крыжа не пастаўлю! Я ня буду саромецца таго, што я яўрэй. Я не хачу баяцца! А калі ў іх сэрца няма, калі яны хочуць крыўдзіць людзей, ну, дык яны ня зьвернуць увагі на гэты абраз… Ну, дык яны нават і ня людзі. Ну, дык яны проста дзікія зьвяры. Ну, а калі яны людзі, дык для іх сівая галава такога старога чалавека і такое нявіннае дзіцё — таксама сьвятыя. Пойдзем, Кубусь!

Не зьвяртаючы ўвагі на моцныя протэсты ўсіх прысутных, цягнучы за сабой хлопчыка, ён падышоў да акна, ударам кулака расчыніў абедзьве яго палавіны і стаў.

Ён стаяў у расшпіленым каптане, у скураным фартуху, з дрыжачай белай барадою і высока паднятай галавою, прыціскаючы да сябе гімназістыка ў форменнай тужурцы. Хлопчык з жахам углядаўся ў натоўп, які выў, і вялікія вочы яго расплюшчваліся ўсё шырэй.

Відовішча было такое жаласнае, што жанчыны разрыдаліся.

Натоўп на вуліцы зараз-жа заўважыў яўрэя ў акне, кінуўся паўз крамкі да яго.