Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ваша справа адрэзаў студэнт. — Я толькі папярэдзіў.

І ён павярнуўся на сваіх бясконца доўгіх нагах.

Але стары пераплётнік ухапіўся за полы яго пацёртага паліта.

— Мая справа? Ну, што гэта за слова — мая справа? Мая справа — спакойна жыць. Мая справа — спакойна есьці хлеб, які я зарабляю! Мая справа — гадаваць гэтага сірату, гэтага хлопчыка, каб ён вырас чалавекам, каб на яго ніхто не пляваў, калі ён ні ў чым не вінаваты… Ну, мая справа, каб ніхто нікога ня крыўдзіў, каб людзі былі людзьмі, каб яны былі справядлівыя!.. Ну, вось мая справа! А ўцякаць — не мая справа. Я ў гэтым горадзе радзіўся, у гэтым горадзе радзіўся мой унук, я нікога ня крыўдзіў, тут я займаўся сваім рамяством, тут мой варстат…

Ён змоўк.

З-за вугла вулачкі даносіўся глухі шум, быццам удалі насоўвалася навальніца.

Твар студэнта сударгава скрывіўся, скрозь сьціснутыя зубы вырваўся праклён.

Стары пераплётнік маўчаў. Ён выпрастаўся і, выцягнуўшы доўгую, худую шыю, прыслухоўваўся.

Шум набліжаўся шпарка. Ужо можна было адрозьніць сьвісткі, сьмех, крыкі, плач і стогны.

Вулачка ўзбударажылася. Замыкалі вароты, Зачынялі крамы, адны кідаліся проста на шум, другія прэч ад яго.