Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сягоньня ён асабліва сьпяшаўся і клапаціўся. Адно заданьне яшчэ не падрыхтавана, сшыткі ня ўкладзены, а ляжаць на стале. Ён і кавы не дапіў і нават не хацеў узяць з сабою сьняданьне — булачку і яйцо ўкрутую, — а пасьпешна засоўваў у ранец падручнікі, баючыся, што спозьніцца.

Ён ужо надзеў шынэль, ужо накіраваўся да дзьвярэй, як раптам яны адчыніліся, і худы студэнт, што жыў на гары, таўхануў яго назад у пакой.

— Бяжэце, яўрэяў б’юць!

Студэнт быў, відаць, моцна ўсхваляваны. Рабы, даўгі твар яго здаваўся яшчэ даўжэйшым, яшчэ брыдчэйшым, доўгія, худыя ногі былі няспрытна шырока растапыраны, быстрыя вочкі гарэлі гневам.

Спалоханы хлопчык адляцеў да стала, раняючы ранец і шынэль.

Стары аслупянеў.

Хутка, аднак, ён прышоў у сябе, успыхнуў гневамі, як зьвер, кінуўся да студэнта.

— Што гэта такое бяжэце?.. Куды ён будзе бегчы?.. Што? Хіба ён што-небудзь украў, што павінен бегчы? Ці ён жыве ў чужой кватэры?.. У чужым доме?.. Ён жыве ў сваёй кватэры! У сваім доме! Ён нічога ні ў кога ня ўкраў! Ён ідзе ў гімназію! Яму няма чаго бегчы!

Ён скурчыўся ўвесь, сьціснуўся, сіпеў, пырскаў сьлінаю, трос барадою і наскокваў на студэнта.