Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вялікія нажніцы скрыпелі злосна, рэзалі з жорсткасьцю; прэс, зашрубаваны да апошніх меж, жаласна пішчэў, лязо старога, доўгага, вузкага нажа блішчэла на ранічным сонцы, абрэзкі паперы з шалясьценьнем валіліся направа і налева. Стары пераплётнік працаваў старанна, а часамі нават і ліхаманкава.

Па яго завялым, з глыбокімі зморшчыкамі твары відаць было, што ён ноч правёў бяз сну. Але напіўшыся дрэньненькай кавы, што суседка прынесла ў гліняным імбрычку, ён трохі павесялеў, напхаў сваю люльку, выкурыў яе і пайшоў будзіць унука.

Хлопчык нешта разаспаўся.

Усю ноч ён сударгава варушыўся на ложку, але цяпер моцна спаў. У шчылінку чырвонай фіранкі праходзілі тонкія сонечныя праменьні; яны лажыліся на яго вочы, губы, худзенькія раскрытыя грудзі, блішчэлі мігаючымі іскрынкамі цёмнага золата на цёмных, мяккіх валасох і апушчаных павеках.

З замілаваньнем глядзеў на дзіцё стары. Твар яго прасьвятлеў, губы расчыніліся ў ухмылцы, вочы прыжмурыліся і сталі блішчэць неяк па-асабліваму. Нарэшце, ён ціханька і шчасна засьмяяўся, зацягнуўся з люлькі доўгай зацяжкаю і ўвесь клуб дыму пусьціў у нос хлопчыку. Той папырхнуўся, ускочыў, шырока расчыніў залацістыя вочкі і стаў праціраць іх худзенькімі кулачкамі.