Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гадзіншчык зьлез са стала, апрануў паліто, паправіў ссунуты на самую патыліцу капялюш, нядбайна сказаў «спакойнай ночы» і пайшоў.

* * *

Яўрэй адышоў ад дзьвярэй, паставіў падсьвечнік на месца, на пальчыках падышоў да ложка, падняў чырвоную фіранку і прыслухаўся.

З ложка даносілася неспакойнае, няроўнае і хрыплае дыханьне дзіцяці. На начным століку гарэла лямпачка з зялёным шкляным каўпаком. Стары скінуў паношаныя пантоплі, падышоў да ложка і неспакойна і дапытна паглядзеў на расчырванелы дзіцячы твар. Так пастаяў ён некаторы час, стрымліваючы дыханьне, уздыхнуў, адышоўся, цяжка апусьціўся на зэдлік і паківаў сівою галавою.

Ён сядзеў, згорбіўшыся і быццам раптоўна пасівеўшы яшчэ на цэлых дзесяць год. Вусны яго моўчкі шавяліліся, грудзі цяжка ўздымаліся, вочы тупа глядзелі ўніз.

Тонкая сьвечка чадзела, дагараючы ў валавяным падсьвечніку.

* * *

Наступнай раніцай вулачка прачнулася, як звычайна, ціхая і, як звычайна, сонная.

З самага сьвітаньня Мэндэль Гданскі стаяў ужо ў скураным фартуху за варстатам.