Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яму ільсьціла, што пераплётнік мае яго за чалавека сьвецкага, які ходзіць па балях.

Бліскаючымі вачыма глядзеў Мэндэль на яго пляскаты твар з тоўстым, шырокім носам.

— А гора, клопаты ў вас бываюць?

Гадзіншчык падняў бровы, і на твары ў яго зьявіўся выраз нерашучасьці. Яму, уласна, хацелася паказаць, што ён вышэй такіх дробязяй, як гора і клопаты, але ён ня ведаў, куды Мэндэль хіліць, і ўважыў за лепшае дыплёматычна прамаўчаць.

Але стары пераплётнік, не чакаючы адказу, моцна і ўсхвалявана гаварыў далей:

— Ну, калі вы танцуеце і калі ў вас і гора бывае, дык вы ведаеце, што людзі зьбяруцца павесяліцца, патанцуюць і разыйдуцца. Ну, а калі людзей зьбірае гора, калі яны сышліся, каб плакаць, дык гэта справа другая. Калі гора накрывае ўсіх адным плашчом, дык кожны кожнаму нехаця робіцца братам. Дык я вам скажу, што бачыў у гэтым горадзе гора больш, чым радасьці, і плашч гэты вельмі вялікі. Ай, ай, як ён вялікі! Ён пакрыў усіх разам з жыдамі.

Ён адвярнуўся і паглядзеў у акно.

— Паслухайце-ж, Мэндэль, — з выглядам перавагі сказаў гадзіншчык. — А што-б вы там ні казалі жыдом абы толькі грошы.

Стары пераплётнік ня даў яму дагаварыць і замахаў рукамі, быццам адмахваўся ад назольлівай казяўкі.