Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не кажэце мне так! Так разважаюць усе дурні. Калі-б жыду грошы былі за ўсё даражэй, дык бог зрабіў-бы яму ў целе кішэню, а то і дзьве. Ну, а раз у целе ў жыда кішэняў няма, значыць і грошы для яго — тое-ж, што і для ўсіх іншых.

— Тое-ж! важна прамовіў гадзіншчык і пагладзіў сябе па падбародку. — Не! У гэтым і загвоздка, што ня тое-ж!

Мэндэль ухмыльнуўся сумна і насьмешліва.

— А я вам скажу, што ніякай загвоздкі тут няма, а адна дзірка. Ну, а якая дзірка?

Раптам ён стаў сур’ёзным.

— Вы думаеце, я гэтай дзіркі ня бачу? Я бачу яе. Ой, як дрэнна, што зрабілася гэта дзірка! А яшчэ горш, што яна да гэтага часу не залатана. У гэтую дзірку ідзе многа сілы і застаецца слабасьць. І многа розуму ідзе і застаецца глупства. І многа дабраты ідзе і застаецца злосьць… А ці ведаеце вы? Дзірку-ж прарабілі першыя ня жыды. Ну, потым і яны ірвалі, гэта так; я не скажу, што не. Але прарабляць яе сталі тыя, хто забыў, што ўсе людзі створаны адным богам.

Ён склаў вялікі і паказальны пальцы разам і пакінуў мезінец, быццам гэты гэст падмацоўваў яго словы.

— Дык вось, на гэтым месцы і лопнула першая нітка. Ну, а потым адны сталі цягнуць да сябе, а другія таксама да сябе, і ўсё лопнула.

— Вы кажаце што для жыда грошы — гэта ўсё. Ну няхай будзе так. А ведаеце чаму? Вы, можа,