Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Разумная прамова — усёроўна, як бацька родны і матка родная. Ну, за разумнымі словамі я-б тысячу вёрст прайшоў. Для мяне разумныя словы лепей за хлеб. Ну, каб я быў вялікі багатыр, скажам там, банкір, дык я-б за кожнае разумнае слова плаціў золатам. Вы кажаце, што жыд не павінен быць чужым. Ну, і я кажу гэта-ж. Навошта яму гэта? Няхай ня будзе чужым, навошта яму быць чужым, навошта яму рабіцца чужым, калі ён — свой. Вы думаеце, калі дождж ідзе, дык ён жыда ня мочыць, бо жыд чужы? Ці вы, можа, думаеце, што калі вецер дзьме, дык ён жыду вочы не засыпае, бо жыд чужы? Ці вы, можа, думаеце, што калі цэгла з даху зваліцца, дык яна жыда міне, бо жыд чужы? Ну, дык я скажу вам, што жыда яна ня міне. І вецер ня міне, і дождж ня міне… Паглядзеце на мае валасы, на бараду… Яны белыя, сівыя… А што гэта значыць? А гэта значыць, што яны шмат бачылі і шмат памятаюць. Ну, бачылі яны і вялікія пажары і вялікія буры ў гэтым горадзе, але ня бачылі, каб жыды былі пазбаўлены ад гэтых пажараў і ад гэтых бур. Ну, а калі надыходзіць ноч, дык і для жыдоў цёмна, і для жыдоў таксама сонца няма.

Ён цяжка і глыбока перавёў дыханьне.

— Скажэце, вы любіце весяліцца? Вы любіце танцаваць?

Тоўсты гадзіншчык кіўнуў і захістаўся на стале, пабразгваючы ланцужком.