Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якую выпіў. І ў прыплатку пайшлі яшчэ і вочы, якія ня хочуць больш добра бачыць, і сьпіна, якая ўжо ня хоча разагнуцца, і ногі, якія ўжо ня хочуць насіць мяне.

Гадзіншчык забаўляўся ланцужком і слухаў абыякава.

Яўрэй разгарачаўся па меры таго, як гаварыў.

— Ну, а дзе-ж мая плата? Мая плата — гэта школа, гэта тыя дзеці, хлопчыкі і дзяўчаткі, што па пераплеценых мною кніжках вучацца і ў сшытках пішуць. Ну, мая плата і касьцёл, бо і туды людзі з кнігамі ходзяць… Мая плата і прыходзкі сьвяшчэньнік, бо я яму кнігі пераплятаў, дай бог яму здароўя.

Ён з пашанаю падняў ярмолку і прамовіў:

— Мая плата — мае рабочыя рукі.

— Гэта-то ўсё так, — дыплёматычна адказаў гадзіншчык. — Ну, а ўсё-ткі жыд застанецца жыдам.

Зноў у вачох старога пераплётніка ўспыхнуў агонь.

— Ну, а кім яму быць? Немцам яму быць? Французам яму быць? Канём яму быць? Ну, сабакам дык ён ужо даўно стаў.

— Ня ў тым справа, — патэтычна выгукнуў: гадзіншчык. — Справа ў тым, каб ён ня быў чужым.

— Дык вось у чым справа? — выгукнуў Мэндэль, адкінуўшыся ўсім целам назад і прыціснуўшы локці да бакоў.

— Так-бы вы адразу і сказалі. Гэта — разумная прамова. Я люблю слухаць разумныя прамовы.