Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

* * *

Хлопчык пацалаваў дзедаву руку і стаў рыхтаваць заданьні.

Але стары пераплётнік расхваляваўся ад гэтай гісторыі больш, чым хацеў паказаць унуку. Стары доўга спацыраваў па пакою, ня браўся за сьпешную, пачатую ўжо работу і ўсё адплёўваўся, як-бы зьеў што горкае. Раніцою ён устаў яшчэ больш пастарэўшым і згорбленым, і відаць было, што гэтай горачы не ператравіў ён і за ноч.

Хлопчык надзеў ранец і пабег у гімназію, а стары доўга і трывожна праводзіў яго вачыма, стоячы ля акна.

Трывога гэтая не пакідала яго і за працаю.

Часьцей звычайнага напіхаў ён у нейкай нэрвовасьці сваю кароценькую люльку, падыходзіў да акна і падазрона аглядаў так даўно, так добра знаёмую вулачку: і шум, і рух, і сумятлівасьць вулачкі здаваліся яму, мабыць, пад уплывам таго-ж раздражненьня, нейкімі нязвычайнымі, не штодзеннымі.

Але хлопчык вярнуўся з гімназіі, узрадаваны атрыманай пяцёркаю і задаволены новаю шапкаю, якая лезла яму ледзь не на вочы, і стары забыў усе свае страхі. І ці можа для ўласнага задаваленьня, ці для таго, каб разьвесяліць унука, стаў насьвістваць за працаю, як калісьці, у часы маладосьці.