Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А ты расьцеш дурным і розуму ў цябе ні на кроплю. А каб ты быў разумны, дык не сароміўся-б, ня плакаў і ня бег ад таго, што нехта крыкнуў табе «жыд». А раз ты плачаш, уцякаеш, ды яшчэ губляеш такую добрую новую шапку, за якую я заплаціў семдзесят пяць капеек гатоўкаю, — ну, дык ты проста дурань і табе зусім ні к чаму і гімназія, і падручнікі, і навучаньне.

Ён перавёў дыханьне і гаварыў далей:

— А што такое жыд! І які ты жыд?

Ён ужо гаварыў спакойней і ласкавей.

— Ты радзіўся ў гэтым горадзе, значыць ты тут ня чужы, ты свой, і раз жывеш чэсна, маеш права любіць гэты горад. Нечага табе сароміцца, што ты яўрэй. Калі ты саромішся, што ты яўрэй, калі ты лічыш гэта няшчасьцем, што ты яўрэй, — ну, дык нічога добрага ня можаш зрабіць для сваёй радзімы, ну, дык ты ня можаш яе любіць… Ну?..

Ён захлібнуўся і зноў спыніўся перад хлопчыкам.

Але цяпер ён з нейкай журбою глядзеў на яго спалоханы тварык.

Ён палажыў руку на галаву хлопчыка і прамовіў, падкрэсьліваючы кожнае слова:

— Быць чэсным яўрэем — добра. Памятай гэта. А цяпер вучыся, каб ня быць дурнем. Шапку другую я табе куплю. І ня плач, бо гэта дрэнна.