Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Малюнак атрымаўся нямы, але надзвычайна выразны. Хлапчукі зьніклі, быццам іх вецер аднёс, і з таго часу ніхто не парушаў спакою гэтага беднага мяшканьня.

* * *

Вось толькі тры дні таму…

Уласна, і тры дні таму не адбылося нічога асаблівага. Толькі хлопчык, запыхаўшыся, быццам загнаны заяц, прыбег з гімназіі бяз шапкі. Спачатку ён маўчаў і толькі пасьля доўгіх распытваньняў прызнаўся, што нейкі хуліган закрычаў на яго: «жыд!». Ён пабег, згубіў шапку, але не асьмеліўся вярнуцца назад.

Гнеў заліў твар старога Мэндэля.

Ён выпрастаўся, быццам вырас раптам, плюнуў, рэзка схапіў хлопчыка за плечы, таўхануў яго да стала і ўвесь абед прамаўчаў.

Пасьля абеду ён ня стаў за варстат, не напхаў люлькі. Цяжка сапучы, хадзіў ён па пакою. Хлопчык ня браўся за заданьні, спужана гледзячы на дзеда. Ніколі яшчэ стары так не злаваўся.

— Слухай сказаў, нарэшце, Мэндэль, прыпыніўшыся перад хлопчыкам. — Я ўзяў цябе да сябе маленькім, сіроткаю, выхоўваў, быў табе і нянькаю і маткаю і даглядаў цябе. Ну! Не для таго-ж я цябе гадаваў і глядзеў, каб ты вырас дурнем. Я аддаў цябе вучыцца, паслаў у гімназію, купляў падручнікі — таксама не для таго, каб ты быў дурнем.