Перайсці да зместу

Старонка:Янчук Нарысы 061-118.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шыя філёзафы ломяць сабе мазгі над разьвязаньнем тых ці іншых загадак пазагробнага існаваньня, то тым больш не маглі адмовіцца ад гэтых пытаньняў нашыя рэлігійна-настроеныя продкі. І здаецца, няма народу, які-б, так ці йначай, у каляровых фарбах і жывых рэальных вобразах не маляваў бы сабе з усімі драбніцамі жыцьцё справядлівых і грэшнікаў у пазагробным царстве. Ідэі нагароды за добрыя ўчынкі й кары за праступкі, якія ўжо ўласьцівы ня толькі паганам, але й дзікаром, — разьвінуліся ў хрысьціянстве ва ўсю шырыню. Вось чаму легэнды гэтага віду звычайна малююць з аднаго боку радасьці раю, а з другога боку, яшчэ паўней і больш сакавітымі фарбамі, жудасы й страхоцьці пекла й мукі грэшнікаў. І амаль што з першых вякоў хрысьціянства паявіліся апокрыфічныя апавяданьні аб тым, што быццам тая ці іншая духоўная асоба бачыла ўсё гэта ў часе пазагробных вандровак і пасьля, вярнуўшыся на землю, апавядала аб усім гэтым. Найбольш папулярны апокрыф з гэтага цыклю апавяданьняў — гэта так званае «хожденіе Богородицы по мукамъ», і другі — «видѣніе апостола Павла». Абодвы яны вядомы, як на ўсходзе, гэтак і на захадзе. Але маюцца з падобным зьместам апокрыфы спэцыяльна заходняга пахаджэньня й характару. Да ліку гэткіх належаць «видѣніе рыцаря Тундала», якое адносіцца да XII веку й было распаўсюджана ва ўсіх краінах Захаду ня толькі ў рукапісных, але і ў друкаваных варыянтах, спачатку на лацінскай мове, а з часам і ў перакладах на розныя іншыя мовы. Гэтае апавяданьне маецца й пабеларуску з канца XV або пачатку XVI веку, апрацаванае паводле чэскага арыгіналу. Зьмест легэнды наступны. Адзін ірляндзкі рыцар, які жыў каля 1149 году, па іменьні Тундал, а ў беларускім адменьніку Таудал, аднойчы ад серады да нядзелі знаходзіўся ў летаргічным сьне. У гэты час душа яго ў таварыстве з анёлам вандравала па пекле й раю. Вярнуўшыся адтуль, яна зноў злучылася з целам рыцара і ажывіла яго. Пасьля гэтага рыцар пачаў жыць праведнікам і іншых навучаў, як трэ‘ жыць, апавядаючы аб страшэнных муках грэшнікаў на тым сьвеце. Адзін манах, падслухаўшы яго апавяданьне, запісаў усё гэта й выпусьціў у сьвет дзеля навукі людзям. Гэтак апавядаецца ў Праскіх летапісах пад 1149 годам. З часам гэтае першапачатковае апавяданьне зьмянялася й перараблялася ў шмат адменьніках, нават перадавалася часамі ў вершаванай форме, асабліва пачынаючы з XV-га веку.

У беларускім рукапісе з канца ХV веку, які знайшоўся ў варшаўскай бібліатэцы гр. Красінскіх, паміж розных артыкулаў гэтага зборніку знаходзіцца й гэтае апавяданьне, пад загалоўкам: „книга о Таудалѣ рыцери“. Яно складаецца з некалькіх разьдзелаў. На жаль