XI.
Памыляўся-бы аднак кожны, хто-б сабе мяркаваў, быццам наш старадаўны кніжнік, які сьляпіў свае вочы над тэкстамі сьвятога пісьма й гнуў свой карк над іх перапісваньнем і перакладам, або які-колечы іншы грамацей, які працаваў над укладаньнем дзелавых канцалярскіх і юрыдычных дакумантаў, над рэгістрацыяй жалаб, выпісаў і г. д., — здавальняліся толькі гэтай стараною свайго „кніжнага мастацтва“ і абмяжоўвалі гэтай спэцыяльнай сфэрай абсяг сваіх інтарэсаў і пазнаньняў. Ужо бегла пераглядаючы нашы старажытныя летапісы, мы бачылі, што кніжнікі старога часу цікавіліся яшчэ шмат чым іншым, што выходзіла паза межы вузкай царкоўнасьці й канцалярскай афіцыяльнасьці. Пытаньне толькі вось у чым: ці былі якія-колечы сродкі, каб здавольніць гэтыя больш шырокія іх духоўныя запатрабаваньні, і дзе трэ‘ было шукаць гэтых сродкаў?
Беларусь з гэтага погляду знаходзілася ў шмат лепшым становішчы, чымся іншыя часткі ўсходніх славян. Блізкае суседзтва з Польшчай, апрача пэўных нявыгодаў, мела й дадатнія рэзультаты для Беларусі. Польшча, якая знаходзілася ў вельмі блізкіх і цесных зносінах з Захадам яшчэ ў той час, калі ўсходняя Славяншчына баялася яго, як чумы, пачала вельмі рана пераймаць заходнюю културу і асьвету. Злучыўшыся пасьля з Беларусьсю, яна сталася пасрэднікам паміж намі й Захадам. Схолястычная навука праз Польшчу пранікала на Беларусь адначасна з агульна-культурным польскім уплывам і палітычнай залежнасьцю. Гэтая школьная схолястыка ня мела на мэце выключна рэлігійна-царкоўных пытаньняў; побач з багаслоўскімі навукамі ў яе межы ўваходзілі й гуманітарныя навукі: клясычная старажытнасьць філёзофія й гісторыя. Кожны выхаванец тагочаснай калегіі лепш ведаў старажытных пісьменьнікаў, чымся сучасны гімназіста, пачынаючы з байкаў Овідыя, і кончачы трактатамі Цыцэрона, Арыстотэля й Плятона.