Перайсці да зместу

Старонка:Янчук Нарысы 061-118.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

X.

Пры далейшых аглядзінах пісоўных помнікаў, якія адносяцца да старадаўнага пэрыаду беларускага пісьменства, мы павінны затрымацца на помніках гістарычных, вядомых пад назовамі летапісаў, кронікаў і сказаньня. Помнікі гэтага гатунку вельмі часта зьяўляюцца ўжо як-бы пераходным момантам да чыста літаратурных твораў. Тлумачыцца гэта тым, што яны найчасьцей ня мелі афіцыяльнага характару, а былі скуткам творчасьці тых ці іншых асоб, якія мелі ўраджоны нахіл да пісьменства й закаханьне да апавядальна-гістарычных літаратурных формаў.

Пад уплывам нацыянальнага патрыатызму гэтыя асобы асабліва цікавіліся мінуўшчынаю сваёй бацькаўшчыны й суседніх краін, а дзеля гэтага й сваю літаратурную творчасьць яны замыкалі ў гістарычныя рамкі.

Беларускія або, гэтак званыя, літоўскія летапісы па сваёй форме ня вельмі багатыя. Выклад у гэтых летапісах ня мае асаблівае літаратурнае вартасьці, сухі, пазбаўлены маляўнічасьці, а па зьместу яны кароткія й адрывістыя. Выразьнейшымі фарбамі адмалёвана ў іх пачатковая пара старажытнае гісторыі, але й тут на кожным кроку мы спатыкаем розныя вымыслы, якія ўжо дакладна высьветлены навуковай крытыкай[1]. У гэтым выпадку старажытные беларускія й польскія летапісцы, як гэта было звычаем і ў іншых народаў, у тым ліку і расейскіх летапісцаў, якія выводзілі род Рурыка ад Аўгуста, карысталіся летапісамі, як адной з літаратурных формаў дзеля фальшаваньня гісторыі. Жадаючы адтварыць старажытную эпоху гістарычнага дагістарычнага жыцьця свайго народу й ня маючы дзеля гэтага гістарычных верагодных даных, аўтары старадаўных гістарычных кронік,

  1. Гл. артыкул праф. Ігн. Даніловіча: „О литовскихъ лѣтописяхъ, въ Журн Мин Нар. Просв.“ 1840 г. Ен-жа першы выдаў тэкст летапісаў (лацінікай) „Latopisiec Litwy, Wilno, 1827“, якія пасля ня раз выдаваліся парасейску; гл. „Полн. Собр. Русск. Лѣтописей“.