Перайсці да зместу

Старонка:Янчук Нарысы 061-118.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як Кромэр, Длугош, Меховіта, Стрыйкоўскі і інш. запаўнялі гэтыя шчарубіны ў гісторыі няпэўнымі паданьнямі, лягэндамі й вымысламі, надаючы ім цікавую форму й перайначваючы гістарычны твор у чыста літаратурнае апавяданьне. Тут часта можна спаткаць рознага характару настаўленьні, а тым больш патрыатычныя й нацыянальныя тэндэнцыі, асабліва калі прыходзілася гутарыць аб старажытнасьці княжага роду, аб гэнэолёгіі роданачальніка, аб пахаджэньні нацыі, аб залажэньні пэўнага гораду і г. д. У аснову часта клаліся народныя паданьні, якія пасьля разьвіваліся творчай фантазыяй летапісца, незнаёмага з гістарычнай крытыкай, і ў рэзультаце мы маем вельмі цікавыя, але незаўсёды верагодныя, малюнкі далёкай мінуўшчыны.

Гэткай паэтычнай імглою абвеена жыцьцё старажытных польскіх і літоўскіх роданачальнікаў і князёў, а побач з гэтым і дагістарычная пара жыцьця ўсёй краіны й народу.

Паміж летапісных помнікаў, якія пісаліся на абшарах Беларусі й Літвы, трэба адрожніваць помнікі двох відаў. Адны з іх зьяўляюцца як-бы скарочаньнем расейскіх і ўкраінскіх летапісаў (ноўгарадзкіх, пскоўскіх, валынскай, кіеўскай), да якіх дабаўлены пэўныя драбніцы з мясцовай гісторыі беларускіх князьстваў. Часамі аб гэтым сьведчаць самыя загалоўкі. Напрыклад, адзін з найбольш старажытных сьпіскаў, знойдзены ў Супрасьлеўскім манастыры, Горадзенскай губ., у рукапісу з пачатку ХVІ в, мае гэткі загаловак: «Избрание лѣтописания. Ізложено въ кратце», і пачынаецца ад хрышчэньня Русі, затым з XV в. апавяданьне пачынае прымаць больш мясцовы характар, але перарываецца на 1446 г., мабыць з прычыны сьмерці аўтара, які ўдзяляў значна болей увагі сучасным або блізкім да яго здарэньням, асабліва часом панаваньня Вітаўта. Гэткі-ж характар мае й другі, крыху ранейшы (з канца ХV в.), сьпісак, хаця без пачатку, які знаходзіцца ў Петраградзкай Акадэміі Навук, а гэтак сама яшчэ некаторыя сьпіскі, часткова ўжо выданыя у друку.

Калі памянёныя сьпіскі беларускіх летапісаў пачынаюцца выкладам агульна рускай гісторыі, і нават мова іх часамі набірае агульна-рускага летапіснага характару з значнаю дамешкаю царкоўнай славяншчыны, — то цэлы рад іншых летапісных помнікаў, напісаных старой беларускаю моваю, выкладаюць спэцыяльна гісторыю Літвы, т. зн. Беларуска-Літоўскага гаспадарства. Гэтыя летапісы носяць звычайна й асобны загаловак: «Лѣтописецъ (або: Кроники) великого князства Литовского и Жомойтского, «Родословецъ векикихъ князей Литовскихъ,» «Литовскому роду починокъ» і г. д. Гэты ўласьціва беларускі летапіс часамі зьмяшчаецца ў рукапісах зараз-жа за вышэйпа-