нагляд Дзярж. Рады (Госуд. Совѣта) і былі пераданы ў Маскоўскі Архіў Міністэрства Справядлівасьці, а рэшта — ў калегію Загранічных Справаў, а адтуль — у Цантральны Архіў Мін. Загр. Спр. у Маскве. Апрача гэтага, частка важнейшых рукапісаў папала ў рукапісныя аддзелы публічнай бібліатэкі ў Петраградзе й Румянцаўскага музэю ў Маскве. Гэткім чынам, гэты каштоўны скарб Беларусі й Літвы быў зруйнаваны расейскімі рукамі й раскіданы па розных мясцох, і ў сучасны момант няма жаднай магчымасьці сабраць яго ў вадно месца. Затое, дзякуючы расейскім вучоным, пачалі друкавацца старажытныя акты некаторых разьдзелаў Літоўскай Мэтрыкі, як напр. «жалованныя» граматы, прывілеі розным станам і гарадом, судовыя, „вырокі“, радаслоўныя й шмат іншых актаў, якія гэткім чынам сталі даступны шырокім колам спэцыялістаў.
За выданьне актаў Літоўскай Мэтрыкі мы найперш павінны быць удзячны Імпэратарскай Археографічнай Камісіі, якая выдала ў шмат томах: 1) «Акты, относящіеся къ исторіи Западной Руси» (пад рэд пратаіер. І. І. Грыгаровіча) і 2) «Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной Руси» (пад рэд. Кастамарава), а ў сучасны момант у далейшым цягу выдае некаторыя разьдзелы Л. Мэтрыкі ў сваёй сэрыі „Россійская Историческая Библіотека“ (т.т. ХVII, XX, XXX, XXXII) і ў «Лѣтописи работъ Археографической Комиссіи». Частка дакумантаў Літоўскай Мэтрыкі (ад 1413 году) была выдана 26 год таму назад Варшаўскім унівэрсытэтам пад рэд. праф. Ф. І. Леантовіча паводлуг копіяў Варшаўскага Архіву. Там-жа, у Варшаве, у 1840 г. выдана было дакладнае апісаньне Варшаўскага Архіву Бандке й Гэрбарта. З расейскіх раньніх выданьняў дакумантаў Літоўскай Метрыкі трэба адзначыць працу быўшага дырактара Маск. Архіву Загр. Спраў кн. М. Абаленскага, які надрукаваў рад дакумантаў з Літ. Мэтрыкі ў „Россійскомъ Историческомъ Сборникѣ“ 1838 г., кн. I, і ў іншых выданьнях. У 1883 г. быў выданы ў Петраградзе т. I «Літовской Метрики» — праца Земняровіча. Некалькі год таму назад пры Маскоўскім Т-ве Гістор. і Стараж. Рас. вышла выданьне М. В. Даўнар-Запольскага. У стасунку да апісаньня дакумантаў Літ. Мэтр. варта мець на ўвазе «Хронологич. указатель документовъ, хранящихся въ Л.-М-кѣ за время сь 1511 по 1749 г.» Корсака. З загранічных вучоных у гэтым кірунку працавалі Ант. Прохаска (у Львове), Фр. Радзішэўскі (у Кракове) і інш.
Літоўская Мэтрыка, якая складаецца з 556 томаў folio, як вышэй азначана, абымае вялізны пэрыад беларускай гісторыі на працягу больш 4-х сталецьцяў (ад 1386-1794 г.). Адгэтуль відаць,