Перайсці да зместу

Старонка:Янчук Нарысы 001-060 text.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да Вісьліцкага Статуту, але ён шмат меншы, артыкулы ў ім не панумараваны, і грашовыя штрафы тут маюць меншае значэньне; наадварот, часта ў ім кажацца аб кары сьмерцяй і муках, аб чым няма ўспаміну ў Вісьліцкім Статуце, як законах большай часткай грамадзянскага характару.

Наступным, хаця крыху ранейшым па часу, важным літаратурным помнікам дзяржаўнага значэньня, на якім мы гэтак сама мелі на ўвазе затрымацца, ёсьць прывілей або жалаваная грамата караля Казіміра IV, 1457 г.; гэты прывілей даны беларускаму й жмудзкаму духавенству, дваранству, шляхце, рыцарам, баярам і мяшчанам, як пацьвярджэньне ўсіх перш дараваных ім ад Вітаўта і іншых князёў правоў і як нагарода некаторымі новымі міласьцямі за няўхільна-верную службу. Гэты помнік ёсьць надрукованы паводлуг рукапісу пач. XVI в. у I томе памянёных «Актовъ», пад № 61.

«Мы, Казимирь, — кажацца у ўводзінах да гэтага прывілею, — Божіей Милости король Полскый и великій князь Литовскый, и Рускый, и Жемоитскый и иныхъ земль, познавше вѣрность уставичную почтивыхъ, достойныхъ, освѣченыхъ, выбраныхъ, мудрыхъ прелатовъ духовныхъ и свѣтьскихъ княжатъ рыцеровъ, шляхтичовъ, бояръ, мѣстичовъ земль великого княжьства Литовского и Руского, Жемоитского, которую ижъ къ намъ и къ нашой парсуне[1] асьвяченой, какъ и то до правого дедича[2] и пана прироженого, имѣли и имають, а такожъ на потомъ имѣти уставичне и вѣрне мыслятъ, яко жъ то чересъ осмотрѣніе наше найдено, — достойно умыслили есмы за такіи доброты и ласки дары и иными ласками имъ милостиве отдарить: бо тогды потомъ къ намъ и ку нашимъ службамъ, найдени будуть рыхлѣйши,[3] коли себе узрять такими ласками утѣшоны».

Вось прычына каралеўскай міласьці, прымусіўшая зраўняць правы беларуска-літоўскіх і польскіх упрывілееваных станаў. Аб простым народзе ў гэтым выпадку зусім няма гутаркі.

«А про то, — кажацца далей, — не отзывнѣ дали есьмо и мощью того листа щедре даваемъ, призволяемъ и вѣчне даруемъ посполито овшейки[4] права тые, зволенства[5], твердости[6], якожъ имають прелаты, княжата, рыцери, шляхтичи, бояре, мѣстичи коруны Полское». Тут-жа тлумачыцца патрэба пісоўнага замацаваньня гэтых міласьцяў: «Але бы потомъ въ томъ, небыло никоторое отщепение, а любо недовѣрьство возникнуть, тут, умыслили есмы положити черезъ выклад письма явнѣ».

  1. асоба,
  2. уладар,
  3. ахвотнейшы,
  4. усякія,
  5. вольнасьці,
  6. „крапасные“ акты й запісы на землі.