Бо: — «вси рѣчи, которыи жь бывають, отъ людской памяти посполъ[1] съ часомъ отходять, ани потомъ къ памяти могуть приведены быти, али жъ низкомъ имаютъ потвержены были». Па свайму зьместу гэты прывілей зьяўляецца зборнікам розных артыкулаў права дзяржаўнага, маентнага, сямейнага, спадчыннага, грамадзянскага й часткай крымінальнага; тут усё прыроўніваецца да правоў і звычаяў „коруны Полское“. Паміж іншым зьвяртае на сябе ўвагу абмежаваньне правоў чужаземцам: кароль урачыста абяцае не даваць ім у карыстаньне земляў і не назначаць іх на ўрадовыя пасады. «Такежъ обѣцюемъ и слюбуемъ, ижъ въ земляхъ тыхъ нашыхъ великого князьства земль, городовъ, мѣсть, а либо которыхъ-кольвекъ дѣдичствъ у володѣніе и въ дерьжаніе, а любо въ которыи вряды, а любо чьти не имаемъ дать жадному чюжоземцу, але только тымъ родичамъ тыхъ земль нашыхъ предреченыхъ великого князьства Литовского маемъ давати и наши послѣ будущіи дадуть въ держаніе и володѣніе». І наогул, Казімір дае ўрачыстае абяцаньне захаваць у цэласьці землі сваёй дзяржавы й прылажыць усе стараньні, каб іх пашырыць:
«А такожъ обѣцюем, а слюбуемъ, ижь панства нашего земль великого князьства предреченого не зменшимъ, але у границахъ, какъ же предки были наши, на имя Князь Александр нареченный Витовтъ, дядя нашъ, и иные держали и володѣли, такожъ и мы тые жъ земли здоровы, границы вѣлы и зуполны держати будемъ, и володѣти и щитити, а съ Божьею помочью и всими силами нашими розширяти будемъ».
Зараз-жа за граматай Казіміра 1457 г. трэба мець на ўвазе гэткую-ж грамату сына, яго наступніка. в. кн. Літоўскага Аляксандра, даную ў 1492 г.[2]. Гэты новы прывілей зусім асталяваў сілу й палітычнае значэньне беларуска-літоўскай земскай арыстакратыі ў Белар.-Літ. гаспадарстве.
У склад гэтага прывілею цалкам уваходзіць папярэдняя грамата, а ў другой часьці зьмяшчаюцца палітычныя прэрогатывы, якія фактычна пераходзяць ад караля да паноў-радных, абмяжоўваючы гэткім чынам уладу гаспадара. Рада, якая складалася з магнатаў, займае пануючае становішча ў законадаўчых, адміністрацыйных, судовых, грашовых, дыплёматычных і іншых пытаньнях, і гэтакім чынам Белар.-Літ. гаспадарства абярнулася ў арыстакратычную рэспубліку; цяпер вялікі князь стаў звычайным старшынёю рады й ня меў права рабіць ніякіх пастановаў без яе згоды. Гэткім чынам, каралеўскія прывілеі, якія датычаць правоў і абавязкаў польскага шляхэцтва й беларуска--
- ↑ часта,
- ↑ Выдана ў сэрыі — „Zbiór praw litewskich“, 58.