Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЛАДЫМ НА ВЯСЕЛЬЛІ.

Ня дубок пры ніўцы ў гаі,
Ня ў лузе лілейка, —
Малады тут засядае
З сваёй дабрадзейкай.

Хто уцеху ўсю іх пойме,
Што ў душу ім льлецца,
Хто спазнае, хто пяройме
Думкі наважэнцаў?

Зышла радасьць на абое,
Бачыць сэрца сэрца,
Міла шчасьце залатое
Сьцеліцца каберцам.

З госьцяў кожны віншаваньне
Гладкім слоўцам кіне,
Маё простае жаданьне
Так-жа хай ня згіне.

Жычу меці, як нікому,
Жычу я ахвоча,
Маладой і маладому
Ўсё што толькі хочуць.

Згоду ў хатцы, спор у хатцы,
Гонар між людзямі
І ў які год дачакацца
Забавы з кумамі.

У салодкім у каханьні
Вечна варкаваці
І ня знаць, чым ёсьць расстаньне,
Злых прыгод ня знаці.