Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА АДВІТАНЬНЕ

Будзь шчасьліва дзяўчынка ў нядолі.
Хай пацеха цябе міне!
Мне з табой жыць ня суджана болей, —
Гоніць доля адгэтуль мяне.

Будзь шчасьліва, дзяўчынка галубка!..
Ня крыўдую на гордасьць тваю, —
Ня чуў ласкавых слоў з тваіх губкаў,
Хоць так шчыра любіў і люблю.

Усё пекла я зьведаў каханьня.
Усе мукі яго скаштаваў,
А ўсю радасьць і рай мілаваньня
Недруг вырваў, спаганіў стаптаў.

Я так шчасьця на сьвеце знаў мала,
І прывету ня знаў ад людзей, —
Цябе ўбачыў — і весела стала
І ты стала за ўсё мне мілей.

Як слуга, як нявольнік, табе я,
Так стараўся служыць, дагадзіць!
Так любіў цябе шчыра, з надзеяй,
Што ўзаемнасьцю будзеш плаціць.

Ты-ж, дзяўчынка, за гэтую дружбу
Не жалела мяне анічуць, —
За прывет мой, за любасьць, за службу
Слова ласкі ня ўмела шапнуць.

Эй, дзяўчынка, дзяўчынка, сьвет відзе
Усю праўду, няпраўду усю,
І хто знае, ці часам ня прыдзе
Слушны дар са нядолю маю.