Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Будзь шчасьліва, дзяўчынка! Любіся
З тым, хто толькі зьняславіў цябе,
І, пазнаўшы ману ўсю, ня гніся,
Бо тады ўжо ня жыць лепш табе.

Мяне, знаю, дзяўчынка, забудзеш, —
Ці-ж на памяць слуга зарабіў?
Але хоць мо‘ і верыць ня будзеш,
Цябе першую я так любіў.

Яшчэ раз будзь шчасьліва, дзяўчынка,
Хоць ня лёгка нам шчасьця спаткаць!
Я-ж адзін, як над рэчкай вярбінка,
Буду жыць і цябе ўспамінаць.

І на памяць, што ў сэрцы мне ўскрэсьне:
Чым я жыў так і мучыўся чым,
Злажу самую лепшую песьню
Аб табе і каханьні тваім.

1907 г.

|}