Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СПРОБА ОКТАВЫ

Удар, душа, удар ты, сэрца,
Па струнах думак-весялух!
Збудзеце ўспаны ў паняверцы
Жыцьця зьмянлівага мой дух.
Хай думкі лягуць на паперцы
Ў цешаць братні погляд, слух,
Народу прыдзе хай пара
Успомніць часам песьняра!

Да шчасьця нам так мала трэба —
Прывецік добры з стараны,
І ўжо мы чуць аж не пад небам —
Ужо сьмяемся, роім сны!
І вы барцы за кусок хлеба,
Што ўцех ня знаеце вясны,
Прыкмецьце, што душы за йгра,
Прыкмецьце словы песьняра!

Мы плачам, змучаныя доляй,
Над хмарай толькі сваіх бед,
Песьняр жа зрэнкаю сакольляй
Ўвесь аблятае белы сьвет,
І за ўсіх выцерпіць найболей
І зьвяне, як той ўвосень цьвет.
А мелі-ж ласку брат, сястра,
Над гэтай мукай песьняра?

Мяшку, набітаму рублямі,
Б‘е кожны нізенькі паклон,
Хоць-бы зладзейскімі рукамі
Быў напаўняны з крыўдаў ён…
Хто-ж бедных бача паміж намі,
Хто чуў няшчасьця плач і стогн?
Хто, хоць пачуці ўжо пара,
Паслухаў песьню песьняра?!