Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Грымну я, грымну па струнах бунтарных
Рукою, потам абмытай, —
Ліся, каціся па гонях папарных
Розгалас песьні забытай.

Доўга блудзіў я, блудзіў дзірванамі,
Крыж спатыкаў, дзе праходзіў;
Сьмехі, насьмешкі нясьліся з вятрамі,
Шла непагода ў народзе.

Жаль далятаў з недалёку, далёку,
Чулі жаль гэты каменьні,
Чэз так прыгонна, самотна, нялёгка…
Церні, за цернямі церні.

Стрэну калі часам дзе прасьвятленьне, —
Злыбедай сонца зардзіцца;
Сьледам зыходзяць, ідуць пакаленьні —
Ўсе ад цямніц да цямніцаў.

1908 г.