Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НЕ КЛЯНЕЦЕ МЯНЕ…

Не клянеце мяне,
Што так смутна пяю,
Бо і так там на дне
Душу змучыў сваю.

Бо і так, бы ў агні,
Кроў у сэрцу кіпіць,
Мукаў сьцеляюцца дні,
Сон аб шчасьці бяжыць.

Цяжкіх дум, горкіх дум
Зваяваць не магу,
Людзкі плач, скаргаў шум
Ловіць мысьль на бягу.

Не магу маску ўзьдзець,
Крывіць роднай душой,
Песьні весела пець,
Калі смуцен брат мой.

Калі столькі бяды,
Столькі гора і сьлёз
Бачу ўкруг заўсягды,
Столькі й сам перанёс!

Вось стаіць удава,
Ляхманы на плячох,
У шрамох галава,
Туман нейкі ў вачох.

Працягае руку:
„Дайце хлебачка мне,
Пашкадуйце ўдаву,
Згінуў муж на вайне“.