Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЫ КАЖАЦЕ…

Вы кажаце: надта пяю я нявесела,
Пацехаў ніякіх ня бачу ў людзей…
Пакіньце сьмяяцца! Вас праўда ня ўсьцешыла,
Няпраўды-ж ня знаю ў душы я сваей.

Як пеў я дагэтуль, так пець ня сцураюся,
Жальбою маркоцячы песьню сваю;
Я ў долю народу свайго узіраюся.
І толькі аб гэтым для вас тут пяю.

Няхай сьвет пазнае ўсе песьні бяздольніка.
Хай вораг-мучыцель дрыжыць з праўды слоў,
Быць вольным хай родзяцца думкі ў нявольніка
Хай быць чалавекам захоча брат мой.

1906 г.