Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЫВАЮЦЬ ХВІЛІ…

Бываюць хвілі горкіх жаляў,
Душа і ные і баліць;
Агонь пякельны грудзі паліць,
І нечым той агонь заліць.

У гэткай хвілі цяжкай, труднай
Нямілым робіцца жыцьцё,
Пракляў-бы цэлы сьвет злалюдны
І сэрца роднага біцьцё.

Пракляў-бы сьвет і быт, і долю,
Усё-б на лес сухі паслаў,
І даў-бы думам спаць уволю
І сам-бы спаў, навекі спаў.

1906 г.