Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДУМКІ ПЕРАД ВЯСНОЙ.

Што дзень вышэй, што дзень цяплей
Глядзіць з-пад неба сонца нам,
Сплывае радасьць да людзей,
Чуваць і песьні там ды сям.

Вяселіць сонца цэлы сьвет
Надзеяй блізкае вясны.
З якой зімы загіне сьлед,
Зямелька скіне свае сны.

Зазелянее лес і лог,
Забурліць звонка ручаёк,
Па вёсках возьмуцца да сох,
Задзьме ў жалейку пастушок.

Так будзе блогасна ўсім,
Надзеі поўны ўсе такой…
А мне-ж і думачкам маім
Чаму так смутна браце мой?

Чаму так сэрца мне баліць,
Маркотна чахну наяву;
Як той канюх галосіць „піць!“
Так — шчасьця! Шчасьця! я заву.

Марнее моладасьць мая
У бяспрытульлі, ў беднаце,
Нуда — нямручая зьмяя —
Дух мучыць, а бяда гняце.

І жутка мне, хоць і вясна
Ўжо да людзей з цяплом ідзе;
Як-бы пустынь вакол адна.
Ня чуць прывету ад людзей.