Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я НЕ ДЛЯ ВАС…

Я не для вас, паны, о не,
Ў час вольны песенькі складаю, —
Што спала ў сэрцы там на дне —
Буджу і ў сьвет на суд пускаю.
Я не для вас, паны, о не!

Я не вас, паны, о не,
Падчас збываюся спакою.
Калі ў вачох сьляза блісьне
Маркотнай вызвана душою —
Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,
Свае дні лепшыя марную, —
У вечнай з мукамі вайне
Жыву і радасьці ня чую
Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,
Падняць скібіну слова рвуся
На запусьцелым дзірване
Сваёй старонкі Беларусі,
Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,
Над доляй плачу свайго люду,
З гразёй зьмяшалі б вы мяне
Сваёй нікчэмнасьцю прыблудаў…
Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,
Пяю. Вам не паняць мучэньня;
Вам ваша сэрца ня дрыгне
На голас братняга цярпеньня,
О ня дрыгне, паны, о не!