Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я не для вас, паны, о не!..
Аднэю ўцехаю жыцьцё вам,
Зьнячулі ў сытасьці, віне,
Вас не разжаліш праўды словам,
О, не разбудзіш вас, о не!

Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ураўне,
Ў адных закут з імі кайданах…
Я не для вас, паны о не!

Я не для вас, о паны не!..
Я — для тых цёмных, нешчасьлівых
Ад іх і водгаласак мне
Прымчыцца па лясох, па нівах,
А не ад вас, паны, о не!

8-VI—1907 г.

|}