Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕРАД СЁМУХАЙ

Гаю, гаю, гаю,
Схаджу да дубровы,
Насяку там маю
Ахапак здаровы.

Будзе тут бярозка,
Будзе тут рабінка,
Будзе клёну горстка,
Будзе і калінка.

Перад хатай нізкай
Пасаджу я дрэўцы,
Ад ваконцаў блізка
Падбяру ім месца.

Ой, кумы, кумочкі,
Міла паглядзеці,
Як пачнуць лісточкі
Трэсьціся, шумеці,

Шаптаць, гаманіці
Ціха між сабою,
Галоўкі хіліці
Тут-жа нада мною.

І мне здасца ў хаце,
Што дрэўцы бясконца
Раяцца, як даці
Долю мне й старонцы.

9-VI—1906 г.