Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВОДКЛІК З 29 КАСТРЫЧНІКА 1905 г. У МЕНСКУ[1]

Божа наш, божа, што гэта будзе,
Што гэтак сталі таннымі людзі?
Царскія слугі б‘юць іх, страляюць,
І сваіх брацьцяў за сабак маюць.
А за што-ж гэта? — ўсё за свабоду,
Што ў моры фальшу йшлі шукаць броду.
Люд збудзіць хоча праўду з магілы,
Каб не марнелі думкі і сілы,
Меў бедны ўволю грошы і хлеба,
Бо й бедным такжа шмат чаго трэба.

Дарма, што бедны, дарма, што ўбогі, —
Трэба капоту, лапаць на ногі,
Пачак запалак, пачак табакі,
Чарку гарэлкі зглуміць усякі,
Булку і скварку трэба на сьвята
Пачаставаці кума ці свата…
Шмат чаго трэба. Цар-жа бічуе,
А бедны з гора бічу ня чуе.
Росьціць надзею рай мець за сьлёзы. —
Што вясна будзе, зьнікнуць марозы.
І хоць за праўду гіне нявінна,
Сьмела йдзе ў бойку… Так быць павінна.

Вось, як анэгдай бліз было вагзала:
Крыві нямала зямля папівала;
Трупаў, калекаў нашчасных бяз ліку
К зямлі прыпала, а з енку і крыку
Вокал гудзела, як дзе на пажары,
Аж нават сонца схавалася ў хмары.

  1. Пад знайдзеным орыгіналам гэтага вершу такі подпіс: паправіў і перапісаў з чужога орыгіналу Я. Купала.

    Я. К.