Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зышліся цешыцца з царскага ўказу,
Што ўсім свабоду прыносіў адразу.
Кожны па свойму судзіць стаў аб гэтым:
Ці ўказ праўдзівы, ці будзе прасьветам
У нашым горы, у нашай няволі,
Ці ўжо кайданаў ня ўзложаць ніколі?..
І ў гэтым можа сказаў хто замнога…
Аж тут зброд царскі, забыўшыся бога,
Дай-жа страляці, як па скаціне, —
За проблеск волі няшчасны люд гіне.

Вось тут пазнай, ці свабоду нам далі,
Ці ашуканствам у бойню загналі?
Цяпер-жа ўсякі пасвойму тут судзе:
Адны талкуюць, што горш яшчэ будзе,
Што — цяпер стрэльбы грымяць каля хатаў —
Будуць-жа потым паліць і з гарматаў.
А іншы кажа, што цар нацарыўся,
Што досыць крыві ёй нявіннай напіўся, —
Нібы бяз цара абыцца ён можа.

А хто-ж драць будзе, як цар голаў зложа?
Цяпер-жа ты цьвярозы, ці ўпіся,
Цар ёсьць з табою, ва ўсё ён убіўся.
Калі ў свабодзе такой пажывецца,
То і за сонца плаціць давядзецца.

1906 г. (?)

|}