Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДАПЕВАК[1]

Скажаш напэўна, добры чытальніку:
Смутная песьня твая, брат пясьняр!
Ці ты ня мог-бы, рыфмаў складальніку,
З дум сваіх лепшы зрабіць для нас дар?
Каб замест сьнегаў над нашаю ніваю
Бачылі усе мы прыгожасьць вясны,
Ганну — ня ў гурбах, Ганну — шчасьлівую,
Каб замест сьлёзаў — вясёлыя сны.
Так скажаш, дружа, праўду во гэткую
На гора поўную песьню маю,
Я-ж, тваю долю бяручы сьведкаю,
Смутную думку пацьверджу сваю.
Дайце мне лета, зямлёю каб роднаю
Бура ня трэсла, ня біла людзей,
Дайце мне хатку, хатку прыгодную,
Вечная радасьць жыла каб у ёй!
Сьцеліцца ноч тут ценьмі магільнымі,
Гіне з няшчасьця малы і стары,
Слабыя гінуць, крыўджаны сільнымі,
Стогнуць, гаруюць з зары да зары.
Путы няволі, кары зьвярыныя
Хто ня жыў толькі — іх не цярпеў,
Над чалавекам, як над скацінаю,
Ніхто спагады ня мае й ня меў.
Ніхто ня бача, з горам век злучаны;
Свайго цярпеньня, бяды, цемнаты, —
А калі плача надта ўжо змучаны,
Мей:жа, чытач мой, жаласьць над тым?

1906 г.


  1. Да поэмы „Зімою“, надрукаванай у V-ым томеЗбор твораў“. Я. К.