Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пакінуў ён дзетак бедных бяз хлеба
І хворую жонку бяз хлеба сваю,
А тут і падаткі яшчэ аддаць трэба,
Падаткі і чынш у казну за зямлю.

Кароўка раве ня еўшы ў сенцах,
Авечка у хаце з агняткам бляе,
Ня топлена печка, дроў ні паленца,
А ў коміне жудасна вецер пяе.

Ой, бедныя дзеткі, як па пажары,
Хто-ж вас тут накорміць, дроў насячэ?
Хто печку падпаліць, хто есьці навара?
Хто хлеба вам булку, праснак хто сьпячэ?

Нямашака бацькі, хворая матка,
Няма каму бедным тут вам памагаць,
Ад ветру трасецца старая хатка,
Ратунку для вас ніадкуль ня відаць.

А там на дварэ мяцеліца вее,
Халодныя песьні заводзіць віхор,
Зоркі ня сьвецяць і сонца ня грэе,
Аж вылезьці страшна і глянуць на двор.

1906 г.

|}