Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАЗ ВАЙНУ

Зіма, на дварэ мяцеліца вее,
Халодныя песьні заводзіць віхор,
Зоркі ня сьвецяць і сонца ня грэе,
Аж вылезьці страшна і глянуць на двор.

А сьнег усё сыпе болей і болей
Страляе у сьцены сьцюдзёны мароз,
І вецер шалёны вые ў полі,
Ўсе гурбамі сьнегу ён хаткі занёс.

Пад борам зялёным вёска стаяла,
А бедная надта, ах, надта была,
Мяцеліца стрэхі яе пазрывала
І дзіка па сьценах дзюравых гула.

У хатцы старой у гэту завею
Лучыначка сьвеціць сьвятлей то цямней,
Там дзеткі малыя з маткай сваею
Льлюць горкія сьлёзы з бядачых вачэй.

Памерзьлі з марозу дзеткі ў хатцы,
А шэсьцера, бедных, там іх было,
Трасуцца і лезуць на грудзі к матцы,
Як птушкі да маткі сваёй пад крыло.

Ой, гэтых сіротак цяжкая доля,
Хоць маці і ёсьць, але бацькі няма,
А тут яшчэ гэты холад-няволя,
Праклятая сьцюжа, мароз і зіма.

Іх бацьку з японцам біцца забралі,
Бо ён запасны ў цара быў салдат,
Вінтоўку і шаблю там яму далі
І стары салдацкі пацёрты халат.