Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЗГІНУЛА СОНЦА…

Згінула сонца. Белыя, грозныя
Насыпы сьнегу ляжаць на зямлі,
Б‘ецца завея аб шыбы марозныя,
Ў коміне жудка віхры загулі.

Гасьне лучына ў нізенькай хатцы,
К матчыным дзеці льнуць грудзям худым;
Трудна са сьцюжай дзікаю збратацца
Хатцы і матцы і дзеткам малым.

Чорная доля з чорнымі хмарамі
Жудка завісьлі над гэтай раднёй;
Як груганы дзе па-над папарамі,
Носяцца ў хатачцы гора з бядой.

Там, дзе шалеюць вечна мяцеліцы.
Страшнай сібіры дзе ўслаўся гушчар,
Дзе людзі з зьверам нараўне дзеляцца, —
Бацька там, муж там — радні гаспадар.

1907 г.