Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/337

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
*

Жывёла пужліва
З поля пляцецца,
Пастыр жаласьліва
Дзьме на жалейцы.

Канькоў у пракосе
Чутна пагудка,
Кабета галосе
Пад крыжам жудка.

На жаль не папрасны
Людзі глядзелі;
Балесны няшчаснай
Вечар нядзелі.

*

А ўцеха ня сходзіць,
Граюць на скрыпцы;
Па некім заводзяць
Звон у капліцы,

Сягоньня — мне можа,
Заўтра — табе мо‘…
Гуляў ты, нябожа,
З раньня з усема. —

Пад вечар-жа людзі
„Вечны“ запелі.
Згадай, хто жыць будзе
Ў тую нядзелю?..

1906 г.

|}