Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/336

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ну, вось рэшты, мой браце,
Я табе не дарую, —
Памагу з рову ўстаці
І ў карчомку скірую.
Гэй, устань! да кішэнькі
Глянуць дай, мой харошы!
Што, лайдак? Ні капейкі?
Нехта выцягнуў грошы!
Я-ж к ім меў так хаценьне.
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Што-ж рабіць? ну, прыгода!
От, зьмірым гэту справу;
Мне цябе ўжо і шкода, —
Хадзі, дам на заставу.
Янка, Янка, ты слабы!
Выпі з кварту і квіта;
Не сьпяшыся да бабы —
Яна дужа сярдзіта.
А ты выйдзеш з цярпеньня —
Будуць гвалты, згубленьне.

IV. ВЕЧАР

Папіўшы расінкі,
Кветкі прыснулі, —
Вясёлай дзянінкі
Кончацца гулі.

Пакуль апыніцца
За лесам сонца,
Як золатам льсьніцца
Дзіўна ў ваконцах.

Агонь блыснуў з хатак,
Ўсплыў дым кудзеляй…
Такі во канчатак
Нашай нядзелі.