Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/335

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Плату выбраць такую:
Рублёў дзьвесьце гатоўкі,
На якіх пяць „прыпеўкаў“,
Расход хатні-кароўкі,
Жонка, дзеці і дзеўка…
Ці ж прадам я сумленьне?
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Чым і як прахаваю
Коні, козы, авечкі? —
Кантракт сьпісаны-ж маю
Ясьней полымя сьвечкі,
І ён піша бяз зносак,
Вузлавата, каротка:
„Мужыкі з маіх вёсак
Усе ўп‘юцца тут водкай“.
Янка-ж п‘ян, вып‘е меней.
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Піша далей так, строга:
„Хай усе знаюць хаты,
Ня мінуўшы нікога —
Бабы, хлопцы, дзяўчаты —
Піць гарэлку крый, божа,
У чужой дзе карчомцы, —
Хай п‘е кожны, хто можа,
У сваёй толькі вёсцы,
Бо плаціць будзе пені“…
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Чытай, што піша гэта!
Ці-ж мужык прачытае?
Хоць далёка йшчэ лета,
На торг рэшткі зьбірае;
Аўса, жыта па чвэрці —
Злотых з дваццаць мо‘ варта…
Мог ты піць да паўсьмерці, —
Што-ж? Якая там кварта!
Іцка торбы не надзене,
Хоць тут гвалты, згубленьне.