Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/334

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Выяжджаў, думаў гэтак
Купіць кніжку для дзетак…
Бяды кніжка ня змыла.
Гэй, імчыся, кабыла!

Грыміць. Блыснула ў далі, —
Пярун хвойку, знаць, паліць;
Чаму-ж карчмаў ня ўмора,
З якіх грэх наш і гора?
Эх, бо іх напладзілі
Чуць ня дзесяць на мілі!
Кроў іх наша ўзрасьціла.
Гэй, імчыся, кабыла!

Вось і вёска, знаць — наша, —
Рве кабыла за пашай,
Падцяла мне снасьціну,
Глядзь, і ў роў нейкі рынуў, —
Ня ўстаць за цемнатою,
А чорт стаў нада мною.
Зубы шчырыць няміла,
Адна мчыцца кабыла.

III. НАРАКАНЬНЕ ШЫНКАРА

Янка сьпіўся, як Бэля,
Сьпіць, як мёртвы, дый годзе!
Праўда, часам нядзеляй
Чарку выпіць ня шкодзіць.
Ты будзь весел часінку,
Грош прыбудзе мне ў хаце…
А ты-ж сьпіўся на рынку,
Мне ня даў таргаваці, —
Ты мне ўкраў, як з кішэні.
Гвалт, ратуйце, згубленьне!

Ці ж ня злодзей — скажэце?
Як, з чаго пражыву я?
За шынк трэба-ж, вашэці,