Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/331

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
*

Расіста травінка
Чакае на стада,
Рыкае скацінка
Насыціцца рада.

Вялік луг — ні слова! —
Траву з мохам родзіць;
Труба пастырова
На чым сьвет заводзіць.

За вёскай пад грушкай
Відаць крыж між зельля,
На ім пяе птушка:
Сягоньня нядзеля!

*

Пры Янкавай хаце
Скрыпнулі калёсы,
Дзяцей крык чуваці,
Ён сам снуе босы.

Адпер свой сьвіронак,
І на торг з усімі,
Што меў застаронак,
У мех усё вымеў.

Час блізкіх дажынак
Яго так асьмеліў
Сабрацца на рынак
Вось гэтай нядзеляй.

*

Жыцьцё ў гаспадарцы, —
Гняце во патрэба, —
Ня кінуў і гарца
На лусьціну хлеба.