Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З КОНРАДА ВАЛЬЛЕНРОДА

ВЫБАР

Урывак

З Мальборскай вежы званы загудзелі,
Бубны, гарматы ў тахт загрымелі:
Ў Крыжацкім брацтве дзень важны сягоньня;
Зусюль камтуры ў сталіцу сьпяшацца,
Дзе, ў капітульным засеўшы законе
І ўзваўшы духа сьвятога навукі,
Ўраюць, каму крыж вялікі аддасца,
І меч вялікі ў чые зложуць рукі,
Дзень і другі дзень нарада сплывае —
Шмат мужоў першым быць робіць заходу:
А кожны з іх роўна высокага роду,
Кожны заслугі высокія мае;
Толькі адна ўсё-ж між брацьцяю ўгода:
За ўсіх стаўляе вышэй Вальленрода:

Хоць сам ня з прусаў, хоць ён чужаніца, —
Славай напоўніў сваёй заграніцу:
Ці вёў па горах за маўрам ганітву,
ЦІ біўся з туркай на водным прасторы, —
Першы на сушы і моры у бітвах,
Першы у крэпасьці ломіць запоры.
Дзе-ж сілай можна ў гульні паказацца,
Няхай ён толькі надлобнік падыме, —
Ніхто ня важыцца з ім мацавацца,
Яму пяршынства даецца усімі.

Ня толькі ў бітвах крыжацкія роты
Праславіў лет маладых сваіх славай: