Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Красюць яго хрысьціянскія цноты —
Ціхасьць, пакора, ўніканьне забаваў.

Конрад ня слынуў у хорамным блыску
З гутаркі гладкай, з лісьлівых паклонаў,
А так-жа меча для подлага зыску
Не запрадаў ён за ласкі баронаў;
Век малады пасьвяціў манастыру,
За німашто меў чыны і пачоты,
Ня гнаўся нават за ўцехаю шчырай,
Мінстрэляў гімны, дзявочы залёты
Не весялілі сьцюдзёнага духу, —
Ён мімаходам пахвал усіх слухаў,
Здаля ад пекных паненак трымаўся
І з імі гутаркі як-бы стыдаўся.
Ці ён нячулым такім ўрадзіўся,
Ці век зьмяніў так — бо хоць яшчэ молад,
А ўжо сівы быў, з вачэй веяў холад,
І цень цярпеньня па твары ўсім віўся —
Трудна згадаці. Ну, часам, бывала,
І ён дзяліў з маладзежай бяседу,
Нават дзяўчат ня чураўся німала,
Спрыт меў за кпінкі адцяцца суседу,
І складна, з важнасьцяй сыпаў няўзнакі
Пахлебствы паням, як дзецям забаўкі.
Але хвіль гэткіх бывала ня многа,
І чуць хай толькі слаўцо не такое —
Хоць для другіх і ня значыць нічога-
Яму знаць многа хадзіла аб тое:
Памяць к айчызьне… Кахана дзяўчынка,
Путы, вайна, аб Літве успамінка,
А ўжо Канрад паглядае іначай:
Перастае быць вясёлым, забаўным,
Зноў, як нічога ня чуе, ня бача,
І аддаецца сваім думам тайным…
Мусіць як стан свой законны успомніць,
Сам сабе ўцехі земскай бароніць.

|}