Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДАЎНЕЙ І ЦЯПЕР

Даўней мы пану
Рабілі дзела,
Дый вось казны „уласьць“
К нам падасьпела.
І з клюшняў панскіх
Збавіла нібы,
Дала на ўласнасьць
Поле, сялібы.

*

Даўней мы знаці
Мусілі пана,
Каб карыстацца
З нівы ўспаханай.
Цяпер жа ў двор сіл
Цягнеш астаткі,
Каб зарабіці
На ўсе падаткі.

*

Даўней у пана
У тагдышнім пекле
За правіненьне
Розгамі секлі.
Цяпер жа земскі
Дый з казакамі
Чыніць расправу
Што дзень над намі.

*

Даўней над „мамкай“
Двор быў з нагаем,
Цяпер казну мы
„Матушку“ маем.