Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ БЕДАКА

Ой, кепска жыці
На сьвеце гэтым,
Долю зрабіці
З ясным прасьветам.
Цяжанька мне.
Моладасьць, радасьць,
Думкі, надзеі
Злажыў навекі
Праз жыцьця веі
У сэрцы на дне.

*

Хлеба шукаю.
Чорнага хлеба,
З краю да краю
Цягацца трэба,
А гора жме.
Дый калі хлеба
Потам здабуду,
Сільныя вырвуць
Злосьцю прыблудаў
Хлеб у мяне.

*

Працай крывавай,
Крыўдай людзкою,
Лжывай няславай
Змучан з душою
Ў жыцьцёвым сьне, —
Гляну — і столькі-ж
Хатаў ды поля…
Дзе-ж маё месца? —
З маëю доляй? —
Няма нідзе.

1906 г.